?

Log in

No account? Create an account
Наша Ніва
Recent Entries 
Шаноўныя чытачы!
Дзеля незалежных ад рэдакцыі тэхнічных праблем сайт nn.by цяпер недаступны.
На час, пакуль вырашаюцца тэхнічныя пытаньні, чытайце нашы навіны на гэтым адрасе.
Яго асьвяціў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пад вечар 13 ліпеня 2008 г. Мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам і шматлікімі святарамі, у прысутнасці прадстаўнікоў дзяржаўнай улады цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне. Падчас Літургіі арцыбіскуп Тадэвуш таксама асвяціў помнік Слузе Божаму Яну Паўлу II.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш нагадаў прысутным пра постаць Вялікага Папы Яна Паўла II і яго заклік — не баяцца і адчыніць дзверы Хрысту. Арцыбіскуп Тадэвуш таксама выказаў упэўненасць у тым, што помнік Слузе Божаму Яну Паўлу ІІ будзе нагадваць людзям не толькі пра гэтага вялікага грамадзяніна сучаснага свету, але таксама пра яго заклік адчыніць дзверы свайго сэрца Хрысту, бо толькі тады чалавек зможа да канца пазнаць сябе і ісці шляхам збаўлення.

Пасля святой Імшы мінскі хор «Паланэз» і Варшаўскі ансамбль «Bene» выканалі музычныя творы ў гонар святой памяці Яна Паўла II

catholic.by
Страх беларусаў перад расейскай мадэльлю капіталізму можа стаць вызначальным для геапалітычнага выбару краіны.

Сацыёлягі кажуць пра амбівалентнасьць грамадзкіх чаканьняў: адначасова нашы людзі хочуць мець рынкавыя адносіны і рэгуляваныя цэны, даганяць Эўропу і заставацца ў саюзе з Расеяй, ламаць заганы сыстэмы і захаваць «стабільнасьць»… Гэткія ваганьні адлюстроўваць хістаньні і кіруючых галовах, прынамсі ў галоўнай зь іх.

А што калі падысьці да праблемы з другога боку? Чаго сёньня найбольш баяцца беларусы?

Традыцыйны адказ — «абы не было вайны» — траціць сваю актуальнасьць. Нават нягледзячы на татальную афіцыйную прапаганду вайны (праз «гераічны подзьвіг у ВАВ») і маніякальныя пошукі ворагаў за межамі і ўнутры краіны, просты люд ня верыць у верагоднасьць замежнай агрэсіі ці грамадзянскай вайны. Не баіцца сярэднестатыстычны беларус і «буржуйскіх страхоцьцяў» — свабоды, дэмакратыі, вольнага рынку ды іншых лібэральных «жахаў», расьпісаных нашай прапагандай самымі чорнымі фарбамі. Па‑першае, многія ўжо былі на Захадзе і бачылі на ўласныя вочы, як там «кепска». А па‑другое, большасьць проста не дае веры, што такое калісьці магчыма і ў нас. А вось у што многія вераць і чаго рэальна баяцца — дык гэта так званага «дзікага расейскага капіталізму». Вопыт усходніх суседзяў, па‑свойму асьветлены беларускімі СМІ, і кантакты з расейскай рэчаіснасьцю (найперш праз нашых гастарбайтэраў) стварылі ў масавай сьвядомасьці непрывабны вобраз сучаснай Расеі. Тым больш што пэрыяд «дзікага» капіталізму пакрысе завяршыўся эрай алігархіі, што таксама, мякка кажучы, ня вельмі натхняе наш электарат. Пікантнасьць сытуацыі яшчэ ў тым, што беларускі прота‑капіталізм, замарожаны ва ўмовах лукашызму на эмбрыянальнай стадыі (т.зв. «рынкавага сацыялізму»), вымушаны будзе ў бліжэйшыя год‑два выйсьці ў вялікі сьвет. Дыскусіі — што лепш, капіталізм ці камунізм, — ведама ж, ужо ня будзе, а вось якім шляхам ісьці — «дзікім» расейска‑алігархічным ці «памяркоўным» эўрапейскім — ёсьць сэнс задумацца. І тут, як ні дзіўна, могуць быць сюрпрызы.

Калісьці прэзыдэнт РБ назваў беларусаў «тымі ж рускімі, толькі са знакам якасьці». Што гэта за знак, і на якім месцы ў нашага чалавека ён стаіць, ніхто не ўдакладніў. Я паспрабую выправіць гэты недагляд ідэалягічнай вэртыкалі.

Калі ўмоўна вызначаць працэнт «эўрапейскасьці» расейцаў, то гэта будзе недзе каля 50%. Іншую палову мэнтальных традыцый Расеі будуць складаць «бізантыйства», «татаршчына», «панславянства» ды іншыя культурна‑гістарычныя прыкметы, якія выразна аддзяляюць яе ад іншай Эўропы і лічацца прычынай «асобнага» шляху, адрознага ад заходніх узораў. Калі гэтак жа прааналізаваць мэнталітэт беларусаў, то доля іхняй «эўрапейскасьці» дзеля гістарычных абставін будзе большай — хай нават на 15—20%. Аднак гэтае «крыху» і можа быць вызначальным пры геапалітычным выбары. Так, беларусы больш памяркоўныя, рацыянальныя, працавітыя і лепш кіраваныя, чым расейцы, гістарычна яны ў большай ступені эўрапейцы, чым азіяты. Напэўна, гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, калі ставіў на беларуса «знак якасьці».

Менавіта той «дадатковы» працэнт эўрапейскасьці і ёсьць адрозьненьнем тутэйшых «тожа рускіх» ад вялікаросаў. І вось, калі раптам паставіць пытаньне рубам — «які варыянт капіталізму вы захацелі б — расейскі ці эўрапейскі?» — беларусы, памеркаваўшы, хутчэй за ўсё выбралі б другі. Справа ў тым, што эўрапейскі (літоўскі або польскі) шлях да капіталізму ім больш блізкі і сымпатычны, чым расейскі.

Нягледзячы на моўныя адрозьненьні ад сваіх заходніх суседзяў, 500 год сумеснага жыцьця адбіліся на нас больш, чым 200 год з усходнімі. Дарэчы, інтуіцыйна гэта адчувае і такі «сьвежасьпечаны» беларус, як А.Лукашэнка.

Ягоная заява, што някепска нам было б раўняцца на швэдзкую мадэль «сацыялізму», акурат і высьвечвае патаемную мару тутэйшага чалавека. Адзінае, што пад узьдзеяньнем савецкіх традыцый прэзыдэнт РБ пакуль саромеецца вымавіць слова «капіталізм» (каб не напужаць свой стары электарат), аднак сутнасьці гэта не мяняе, бо нават для яго расейскі шлях здаецца неадпаведным традыцыям і характару беларусаў. І тут, канечне, узьнікае дылема: жорсткая эканамічная залежнасьць ад Расеі і нежаданьне паўтараць яе прыклад. Ці дазволіць расейскі капітал, што дамінуе ў нашай эканоміцы, будаваць іншую, нерасейскую мадэль сацыяльна‑эканамічных адносін? Ці здолеюць беларусы падпарадкаваць замежныя ўплывы? Як правесьці эканамічныя пераўтварэньні і захаваць палітычную «цнатлівасьць» тутэйшай улады? Вось пытаньні, якія сёньня ва ўсёй сіле паўстаюць, ды ня так перад простымі беларусамі, як перад тымі, хто трымае стырно ўлады і марыць яшчэ доўга яго не згубіць.

Васіль Аўраменка, Магілёў
Амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр і ягоны адвакат Зьміцер Гарачка завяршылі азнаямленьне з крымінальнай справай, якую вялі супроць Э.Зэльцэра ў КДБ.

Саму справу адвакат не камэнтуе, спасылаючыся на тое, што ёй нададзены статус дзяржаўнай таямніцы. А вось што мяркуе Эмануіл Зэльцэр пасьля вывучэньня справы:

«Яго пазыцыя засталася нязьменнай: ён сябе ні ў чым не прызнае вінаватым і кажа, што справа цалкам сфальшаваная», — сказаў Зьміцер Гарачка.

Паводле адваката, зараз справу вывучаюць у Генэральнай пракуратуры. «Верагодна, ужо ў сераду‑чацьвер стане вядома, у які суд яна будзе накіраваная», — сказаў адвакат Зьміцер Гарачка.

У КДБ Беларусі пацьвердзілі, што справа Эмануіла Зэльцэра дасланая ў Генэральную пракуратуру, адкуль яе мусяць накіраваць у суд.

Нагадаем, адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны 12 сакавіка ў Менску, куды ён прыляцеў нібыта ў справах, зьвязаных са спадчынай нябожчыка грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Э. Зэльцэра КДБ Беларусі абвінавачвае ў падробцы дакумэнтаў, незаконных апэрацыях з наркотыкамі і камэрцыйным шпіянажы. Ёсьць зьвесткі, што падчас допытаў у КДБ да грамадзяніна ЗША ўжывалі фізычную сілу.

Радыё Свабода
14th-Jul-2008 02:38 pm - Чорнае і чырвонае
Барак Абама не разумее пагрозаў, якія сыходзяць сучаснаму сьвету ад Расеі.

Днямі тэлекампанія «Мір», якая вяшчае на Беларусь, паказала амэрыканскі фільм «Трынаццаць дзён» (Thirteen day’s), прысьвечаны супрацьстаяньню ЗША і СССР з‑за савецкіх ракетаў на Кубе. З тых падзеяў мінула шмат часу. Сёлета 6 чэрвеня адзначалася ўжо 40‑я гадавіна забойства Робэрта Кэнэдзі, брата прэзыдэнта Кэнэдзі, забітага ў 1963‑м. Абодва Кэнэдзі з’яўляюцца галоўнымі пэрсанажамі кінааповяду.

Здавалася б, фільм пастаўлены ў 2000 годзе, павінен быў састарэць. Але ж зьмест карціны, прафэсійна зробленай на падставе рэальных гістарычных фактаў, амаль у дакумэнтальным стылі, шмат у чым падаецца актуальным.

«Парвэню» і «гарыла»
Апрача асноўнай фабулы — Карыбскага крызысу, які паставіў сьвет на грань ядравай вайны, ёсьць у фільме яшчэ адзін, ня менш драматычны сюжэт. Гэта процістаяньне прэзыдэнта Джона Кэнэдзі і амэрыканскіх генэралаў, а таксама, фактычна, усёй ягонай адміністрацыі, улучна з дзяржсакратаром Дынам Раскам. Паводле аўтараў фільма, справа нават ня ў тым, што генэралы хацелі тады любой цаной апраўдацца за вайсковую паразу ў Затоцы Сьвіньняў на Кубе і паказаць Хрушчову «кузькину мать» (калі скарыстацца ўлюбёным выразам тагачаснага першага сакратара ЦК КПСС).

Справа ў тым, што амэрыканскі істэблішмэнт лічыў Джона і Робэрта Кэнэдзі свайго роду «парвэню», выпадковымі людзьмі на палітычным Алімпе. І на тое былі свае падставы. Дастаткова сказаць, што Кэнэдзі быў першым і апошнім прэзыдэнтам‑каталіком у гісторыі Злучаных Штатаў, ды яшчэ ірляндцам паводле паходжаньня.

Акрамя таго, вышэйшая кляса не магла дараваць маладым братам Кэнэдзі багацьця, якое дасталося ім у спадчыну, звычкі да шыкоўнага ладу жыцьця, арыстакратычных манераў, якія неверагодным чынам спалучаліся ў іх зь лібэральнымі ідэямі ў палітыцы ды эканоміцы. Надзвычайная папулярнасьць Кэнэдзі, іх вольная манэра паводзінаў і асабліва — любоў Джона да жаночага полу раздражнялі палітыкаў старой фармацыі.

Бацька прэзыдэнта Джозэф Кэнэдзі быў паслом ЗША ў Англіі да пачатку Другой сусьветнай вайны і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Мюнхэнскай змовы ў 1938‑м годзе, якая разьвязала рукі Гітлеру. Гэта дала падставу аўтарам фільму ўкласьці ў вусны Дына Раска зьедлівую рэпліку наконт Джона Кэнэдзі — маўляў, сын паўтарае памылку бацькі, спрабуючы ўціхамірыць агрэсара.

У тагачаснай крызіснай сітуацыі ўзьнік момант, калі Джон у сваім процістаяньні палітычнаму істэблішмэнту застаўся ў адзіноце — на яго баку засталіся, акрамя брата, усяго некалькі чалавек, у тым ліку тагачасны міністар абароны Робэрт Макнамара. Яго, дарэчы, савецкія карыкатурысты малявалі ня йначай як у выглядзе гарылы зь ядравай дубінкай у руцэ — і гэта ў той час, калі Макнамара адыграў, можна сказаць адну з галоўных роляў у вырашэньні крызісу мірным шляхам. (Гэта ён падаў ідэю марской блякады Кубы замест нападу на яе.) Джону Кэнэдзі ўдалося пераламіць сітуацыю, нягледзячы на жорсткі псыхалягічны ціск з боку ўласных палітыкаў, а таксама шантаж і татальную ману з боку СССР, пры амаль поўнай адсутнасьці інфармацыі аб сапраўдных намерах савецкага кіраўніцтва.

Кэнэдзі і Абама
На пачатку гэтага году ў фэльетоне «Чаму я не хачу пісаць пра выбары ў ЗША» мне ўжо давялося выказваць думку, што толькі цуд, выглядае, можа перашкодзіць Бараку Абаму стаць прэзыдэнтам. За тры з паловай месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў у гэтым ужо мала хто сумняваецца. Але ў чым сувязь сувязь паміж асобамі кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Барака Абамы і прэзыдэнта‑дэмакрата Джона Кэнэдзі?

Яна бачыцца ня толькі ў тым, што браты Кэнэдзі ў свой час шмат зрабілі для працэсу дэсэгрэгацыі ЗША — наданьня афраамэрыканцам роўных правоў зь белымі. Працэсу, які зрабіў, урэшце, магчымым вылучэньне цемнаскурага кандыдата на прэзыдэнты. Абраньне яго, безумоўна пакладзе пачатак новай эпосе ў амэрыканскай палітыцы.

Але ж ня толькі кандыдат ад рэспубліканцаў Джон Маккэйн, многія іншыя амэрыканскія палітыкі і эскпэрты выказваюць апасеньні, што Абаму не хапае палітычнага досьведу. Па‑сутнасьці, ён, як некалі Кэнэдзі, успрымаецца сучасным істэблішмэнтам як парвэню, выскачка. (Праўда, Абама — усё ж такі пратэстант). Але ў Джона Кэнэдзі былі ясна сфармуляваныя — прынамсі, у многіх важнейшых пазыцыях — палітычныя і эканамічныя погляды, якіх ён цьвёрда трымаўся. Ці ёсьць такія ж ясныя погляды, цьвёрдыя перакананьні ў меркаванага будучага прэзыдэнта? Асабліва ў тым, што тычыцца гэапалітыкі. Многія выказваюць у гэтым сумнеў.

Усе прызнаюць, што Абама ўмела карыстаецца палітычнай кан’юнктурай, пры гэтым праяўляючы напорыстасьць і гнуткасьць адначасова. Аднак, ці дастаткова гэтых якасьцяў, каб ачоліць нацыю перад навалай звышскладаных праблемаў і пагрозаў, якія паўсталі перад Амэрыкай. І што яшчэ больш важна — перад сьветам, дзе ЗША, хочуць яны таго альбо не, адыгрываюць (адыгрывалі?) вызначальную для лёсу заходняй цывілізацыі ролю.

У амэрыканскіх прэзыдэнтаў ХХ стагодзьдзя, у тым ліку й ў Кэнэдзі, не было ніякіх сумневаў што да прыроды камуністычнага рэжыму — стаялі на чале СССР Сталін, Хрушчоў або Брэжнеў. І таго, як належыць размаўляць зь дзяржавай, якая прызнае толькі мову сілы. ЗША ніколі ў гісторыі ня ставілі на «чырвонае».

У дачыненьні ж да пуцінскай Расеі Белы Дом Буша ставіцца так, быццам гэта цывілізаваная краіна, кіраўніцтва якой можна ўгаварыць «паводзіць сябе добра».

Тую самую лінію, выглядае, зьбіраецца працягваць і Барак Абама.

Уэсьлі замест Кондзі?
Заклік Алены Бонэр (удавы акадэміка Сахарава) і экс‑дысыдэнта Ўладзімера Букоўскага выключыць Расею зь «вялікай восемкі» за агрэсіўную палітыку і за тое, што яе ўлады ўсё больш груба парушаюць правы чалавека, застаўся непачутым кандыдатам ад дэмакратаў. Абама выступіў за далейшае сяброўства Расеі ў G‑8. Яе выключэньне ён назваў «кепскай ідэяй», бо без Расеі, на ягоную думку, ЗША ня змогуць змагацца супраць далейшага распаўсюджваньня ядравай зброі. Ролю Расеі ў падтрымцы Тэгерану, які імкнецца стварыць ўласныя ядравыя тэхналёгіі, а таксама разьвівае ракетныя тэхналёгіі, Абама не згадаў.

Варта адзначыць, што адну з дамоўленасьцяў, дасягнутых на саміце ў Японіі, Расея парушыла ўсяго празь некалькі дзён па яго завяршэньні. Разам зь Кітаем яна заблякавала прыняцьцё рэзалюцыі ААН пра санкцыі супраць дыктатарскага рэжыму Зымбабвэ. Гэта выклікала абурэньне Англіі і ЗША — не ў апошнюю чаргу таму, што прэзыдэнт Мядзьведзеў удзельнічаў у абмеркаваньні гэтых санкцыяў на саміце, дзе ўсе рашэньні прымаюцца кансэнсусам. Такім чынам, Расея дэманстратыўна парушыла дамоўленасьць. Ці замежнапалітычнае ведамства РФ наўмысна, ва ўгоду Пуціну, «падставіла» кіраўніка дзяржавы, ці ён сам не гаспадар свайму слову — ня так важна. Масква чарговы раз прадэманстравала, што ёй верыць нельга і што ёй пляваць на правы чалавека, тым больш, калі яны парушаюцца ў афрыканскай краіне.

Кандаліза Райс, адрозна ад узыходзячай «чорнай зоркі», завяршае сваю палітычную кар’еру. Падчас свайго нядаўняга выступу на радыё «Свабода» ў Празе яна гаварыла аб важнасьці падтрымкі дэмакратыі нават там, дзе, здаецца, згасьлі ўжо ўсе надзеі. Адмовіцца ад такой падтрымкі, на яе думку, азначала б здрадзіць ідэалам дэмакратыі і тым, хто ў іх верыць. Вось чаму, паводле яе словаў, яна забараніла апошнім амэрыканскім дыпляматам пакідаць Беларусь і апускаць сьцяг ЗША над амабасадай у Менску.

Кандаліза Райс, выглядае, застаецца сярод апошніх ідэалістаў у міжнароднай палітыцы. Ідэалістаў у высокім сэнсе гэтага слова. На зьмену, так бы мовіць, рамантыкам вяртаюцца прагматыкі. Такія, якімі былі, напрыклад, Нэвіл Чэмбэрлен і Джозэф Кэнэдзі ў 1938‑м.

Замежнай палітыцы, за выключэньнем вайны ў Іраку, яўна не адводзіцца ўдарная роля ў праграме прагматычнага кандыдата ад дэмакратаў на выбарах‑2008.

Якой будзе гэтая палітыка пры новай адміністрацыі, застаецца гадаць. Многія экспэрты ўскладаюць спадзяваньні на тое, што Абама — дастаткова разумны і сучасны мэнэджэр для таго, каб атачыць сябе не падхалімамі і тупымі выканаўцамі сваёй волі, а спрактыкаванымі прафэсіяналамі з моцнымі маральна‑валявымі якасьцямі. (Менавіта такіх прафэсіяналаў яўна бракуе ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі ў цяперашні, крызісны для яго момант.)

Кажуць, сярод кандыдатаў на будучага дзяржсакратара ў адміністрацыі Барака Абамы фігуруе Уэсьлі Кларк — былы камандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТО падчас вайны ў Югаславіі. Паводле некаторых зьвестак, продкі генэрала паходзяць зь Беларусі…

Віталь Тарас
Пракуратара Турцыі афіцыйна абвінаваціла 86 чалавек у датычнасьці да змовы, каб зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот.
Пракурор Айкут Энгін не назваў імёнаў абвінавачаных, але 2 ліпеня ў Турцыі былі абвінавачаныя два адстаўныя генералы і некалькі вядомых бізнэсоўцаў і журналістаў.

Паводле Энгіна, у адным з судоў Стамбулу 86 асобам высунутыя абвінавачаньні ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі і ў закліку да грамадзянскага непадпарадкаваньня з мэтай зьвяржэньня ўраду.

Зь іх 48 чалавек, паводле яго словаў, ужо арыштаваныя.

У краіне абвастраецца супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі строга сьвецкага ўкладу жыцьця, які існуе з моманту заснаваньня Турэцкай Рэспублікі, і правячай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця, якая імкнецца рэабілітаваць іслам у грамадзкім жыцьці.

У канстытуцыйным судзе краіны разглядаецца справа пра забарону правячай партыі на той падставе, што яна імкнецца ўвесьці законы шарыяту, што супярэчаць турэцкай канстытуцыі.

У выпадку станоўчага рашэньня наконт гэтай справы і прэзыдэнт Адбула Гюль і прэм’ер Рэджэп Таіп Эрдаган могуць пазбавіцца сваіх пасад і наогл права займаць адказныя пасады ў дзяржаве. Эрдаган і Гюль адкідаюць абвінавачаньні, якія, паводле іх словаў, зьяўляюцца часткай кампаніі супраць іх партыі.

Зь іншага боку, у Турцыі даўно цыркулююць чуткі пра існаваньне клану сілавікоў, гатовага на ўсё, уключаючы дзяржпераварот, дзеля захаваньня існуючага антыісламскага ладу.

Паводле Бі-Бі-Сі
На гэтым тыдні на euroradio.fm пачнецца першы тур інтэрнэт‑галасаваньня за трэкі маладых беларускіх гуртоў, якія хочуць трапіць на Be Free.

У выніку некалькіх тыдняў галасаваньня будзе адабрана дзесяць фіналістаў, сярод якіх арганізатары фэсту выбяруць тры гурты, што выступяць на фэсьце 9 жніўня. Свой трэк mp3 (у якасьці ня горай за 128 kbps) разам з кантактнай інфармацыяй і апісаньнем гурта, а таксама фота можна дасылаць на скрыню фэсту.

fest.svabody@gmail.com

Свой конкурс будзе і для фанаў, якія захочуць трапіць на Be Free «for free»: аўтары лепшых каментароў і тыя, хто правільна адкажа на пытаньні віктарыны на старонцы і ў эфіры Еўрарадыё, атрымаюць у падарунак бясплатную вандроўку на фэст. Падрабязнасьці пра конкурс — у хуткім часе на нашым сайце!

www.festsvabody.org
14th-Jul-2008 12:39 pm - Вяртаньне Вячкі — 2
«Шляхамі Бацькаўшчыны» называецца выстава твораў Вячкі Целеша, што адчынілася ў Фальварку «Добрыя мысьлі» ў Менску 11 ліпеня. Выстава прысьвечана 70‑годзьдзю беларускага мастака.

Сярод экспанаванай графікі Вячкі Целеша — экслібрысы, прысьвечаныя вядомым беларусам. На адкрыцьцё выставы мастак прыехаў з Латвіі, дзе жыве апошнія 50 гадоў.

Вячка Целеш працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў эксьлібрысе. Многія яго творы зьвязаныя зь беларускай нацыянальнай ідэяй.

«Вячка Целеш — сапраўдны наш адраджэнец», — кажа пра яго мастак Віктар Маркавец. «Сьвядомая беларуская грамадзянская пазіцыя — яго адметнасьць. Натуральна, што яна зьяўляецца асновай, каб быць клясыкам у тых жа эксьлібрысах».

На думку Віктара Маркаўца, у эксьлібрысах Вячка Целеш спалучыў веданьне роднай літаратуры і гісторыі з адчуваньнем сваіх сяброў — вядомых дзеячоў Беларусі, якім ён прысьвячаў свае творы.

«Нездарма гэтыя творы набылі сусьветную вядомасьць і ўвайшлі ў лепшыя каталёгі і энцыкляпэдыі ўсяго сьвету» — кажа Віктар Маркавец на адкрыцьці выставы.

Вячка Целеш мае сапраўды сусьветную вядомасьць. Яго жывапіс і графіка знаходзяцца ў музэях і прыватных калекцыях ЗША, Канады, Швэйцарыі, Францыі ды іншых краінаў.

Імя Вячкі Целеша ўнесена ў міжнародныя каталёгі эксьлібрысу, а таксама ў «Сусьветную энцыкляпедыю мастакоў усіх часоў і народаў». У 2006 годзе, Вячка Целеш быў ушанаваны вышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі — Ордэнам Трох Зорак.

Аднак на Радзіме вялікая пэраснальная выстава Вячкі Целеша — рэдкасьць.

«Я шчасьлівы, што ў той час, калі Беларусь была пад бел‑чырвона‑белым сьцягам, усе мы жылі сапраўды вялікай надзеяй», — кажа мастак, — «шчасьлівы, што менавіта тады ў Нацыянальным музэі мяне ўспрымалі. Тады я казаў — і газэты пісалі — пра «вяртаньне Вячкі».

У наш час, няма магчымасьцяў даставіць у Беларусь многія з работаў Вячкі Целеша па лініі мінкультуры, як гэта было пятнаццаць гадоў таму.
«Сюды я вёз тое, што мне было пад сілу, таму што графіку ўзяць лягчэй. Жывапіс, карціны — гэта зараз немагчыма», — кажа Вячка Целеш.

Але новая выстава — «ня проста агляд таго, што зрабіў за гэты перыяд, да гэтага году. Я ўсім казаў, што еду на сустрэчу з маімі сябрамі, маімі аднадумцамі — беларусамі», — кажа мастак.

Адкрыцьцё выставы наведалі Алесь Белы, Генадзь Бураўкін, Георгій Ліхтаровіч, многія вядомыя беларусы; шмат хто выступіў са словамі ўдзячнасьці і павагі ў бок Вячкі Целеша.

Адзін з выступоўцаў, паэт Алесь Разанаў, кажа пра мастака:

«Ён дасьледуе, ён творыць дасьледуючы, ён адраджае, дае слова, дае вобраз таму, што ўжо зьнікае, таму, што ўжо ўваходзіць у вечнасьць. Таксама, уся Беларусь — беларуская мова, беларуская рэчаіснасьць — яна моцна спалучаная, зьвязаная з гэтай зьявай, якая называецца «вечнасьць», і Вячка Целеш — яе пасол».

Антон Тарас
Аляксей Касьцючэнка патануў у часе рыбалкі 12 ліпеня.

Трагічны выпадак здарыўся 12 ліпеня каля 15 гадзіны ў вёсцы Верхнія Жары Брагінскага раёну, паведамляе БелаПАН. Па словах відавочцаў Аляксей Касьцючэнка лавіў рыбу на маторцы на сярэдзіне Дняпра. Паводле папярэдняй вэрсіі, у выніку рэзкага манэўра ён выпаў з лодкі, спрабаваў даплыць да берагу, але патануў. Цела гендырэктара знайшлі ўвечары наступнага дня.

Аляксей Касьцючэнка нарадзіўся ў 1943 годзе. З 1998 г. працаваў дырэктарам РУП «Гомельтранснафта «Дружба», з 2007 г. займаў пасаду генэральнага дырэктара прадпрыемства.

Паводле БелаПАН
КДБ выпусьціў зь ізалятара 3 актывістаў апазыцыі, якіх падазравалі ў датычнасьці да выбуху 4 ліпеня.

Якім будзе лёс іншых затрыманых: Віктара Ляшчынскага, Сержука Чыслава, Міраслава Лазоўскага, Ігара Корсака, Антона Койпіша, Ільлі Богдана і Тацяны Пікун.

Нягледзячы на заявы А. Лукашэнкі аб тым, што ў сувязі з выбухам 4 ліпеня ня будзе новай хвалі рэпрэсіяў супраць праціўнікаў улады, менавіта апазыцыянэраў падазраюць у арганізацыі выбуху і затрымліваюць у першую чаргу. На гэты момант у ізалятарах застаюцца 7 актывістаў апазыцыі. Ніякіх іншых вэрсіяў здарэньня 4 ліпеня на канцэрце з удзелам А. Лукашэнкі дагэтуль не агучана.

Праваабаронцы назвалі дзеяньні беларускіх уладаў палітычным тэрорам. Прэзыдыюм Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на тэрміновым паседжаньні ўхваліў заяву з патрабаваньнем вызваліць усіх затрыманых актывістаў апазыцыі. Лідэры АДС патрабуюць таксама сустрэчы з генэральным пракурорам і адстаўкі кіраўніцтва КДБ і не выключаюць, што ва ўмовах узмацненьня рэпрэсіяў абвесьцяць байкот парлямэнцкім выбарам.

Апазыцыя заклікала 14 ліпеня а 18 гадзіне выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску на знак салідарнасьці з затрыманымі актывістамі дэмакратычнага руху па справе выбуху 4 ліпеня.

Радыё Свабода
This page was loaded Feb 24th 2019, 3:18 am GMT.